Офіс Святланы Ціханоўскай 16 лістапада паведаміў пра ўзлом тэлеграм-акаўнта Ганны Красулінай — прэс-сакратаркі лідаркі дэмсіл. Нягледзячы на тое, што ў акаўнта была ўключаная двухфактарная аўтэнтыфікацыя, невядомыя атрымалі да яго доступ на чатыры хвіліны. Такія гісторыі апошнім часам не рэдкасць. Расказваем, як могуць узламаць акаўнт, нягледзячы на двухфактарку, і як абараніць сябе.
«Ні па якіх спасылках я не пераходзіла, у галасаваннях не ўдзельнічала»
Пра ўзломы ў Telegram апошнім часам пішуць і ў Threads. Гісторыі ва ўсіх розныя. Напрыклад, карыстальнік з Казахстана пісаў, што яго спачатку выкінула з акаўнта. Калі ён зайшоў, выкарыстоўваючы пошту, яго зноў выкінула — мужчына нават не паспеў змяніць пароль.
«Цяпер прывязаная іншая пошта, наогул левая. І не магу зайсці па сваім нумары тэлефона», — расказаў ён. Ці была ўключаная двухфактарная аўтэнтыфікацыя, незразумела.
Але ў выпадку мамы яшчэ аднаго карыстальніка карціна іншая: усе дадатковыя спосабы абароны стаялі, але адстаяць акаўнт гэта не дапамагло.
«Двайная аўтэнтыфікацыя, пароль — усё стаяла. Вось толькі зламыснікам на гэта, відаць, по**й, — піша Максім. — Ні эсэмэскі, ні званка — нічога табе не прыходзіць. Проста заходзіш у Telegram — а ён раптам просіць цябе ўвайсці ні з таго ні з сяго. Але гэта яшчэ не самае вясёлае. Ты заходзіш, адразу ідзеш у прылады, каб выйсці з іншых акаўнтаў, а ў адказ: „Паколькі гэта новы дэвайс, вы не можаце выходзіць з іншых прылад“. З тэлефона, на якім гэты акаўнт два гады бязвылазна сядзеў. НУ АХ**ЦЬ! Што я, па-вашаму, мушу рабіць? Пры гэтым яны цябе яшчэ і выкідваюць кожную хвіліну. Праз хвілін 20 прыйшла ідэя памяняць пароль для ўваходу. Яшчэ праз перазаходы чатыры атрымалася гэта зрабіць. Быццам іх падключэнне знікла з прылад. Але асадачак, як кажуць, застаўся».
Яшчэ ў адным выпадку мінчанка паведаміла, што падчас уваходу Telegram просіць увесці воблачны пароль, якога яна не ставіла. Мяркуючы з усяго, жанчына не ўключала двухфактаркі, а зламыснікі зрабілі гэта за яе.
«Ні па якіх спасылках я не пераходзіла. У галасаваннях не ўдзельнічала. Проста хацела зайсці ў ТГ — і мяне выкінула», — напісала яна.
Як менавіта могуць атрымаць доступ да вашага акаўнта
Кожны тэлеграм-акаўнт звычайна абаронены кодам, які прыходзіць па СМС ці ў саму аплікацыю. Каб зайсці, вы ўводзіце кароткую камбінацыю з лічбаў. Аднак гэта не зусім надзейна — код могуць перахапіць, падгледзець ці скрасці. І тады зламыснік можа проста зайсці ў ваш акаўнт.
Каб гэтага не дапусціць, можна падключыць дадатковы воблачны пароль, які спатрэбіцца ўвесці ўжо пасля кода, пры ўваходзе ў акаўнт. Спосаб сапраўды эфектыўны — але махляры навучыліся абыходзіць і яго.
Асноўны спосаб прабіцца праз двухфактарку — падманным шляхам атрымаць ад вас інфармацыю для ўваходу.
Напрыклад, QR-фішынг, калі зламыснік выкарыстоўвае сапраўдны механізм аўтарызацыі Telegram праз QR-код. Вам могуць прапанаваць адсканаваць QR-код нібыта для ўступлення ў закрыты канал, каб прагаласаваць ці пацвердзіць узрост. А на справе гэта можа адкрыць доступ да вашага акаўнта з іншай прылады. Пры такім сцэнары ў чалавека нават не заўсёды папросяць пароль і код — і западозрыць махляроў можна па дадатковай сесіі ў наладах ці апавяшчэнні пра новую аўтарызацыю.
Яшчэ адзін спосаб — фальшывая тэхпадтрымка. У такім выпадку махляры выдаюць сябе за прадстаўніка Telegram, адміністратара канала ці супрацоўніка службы бяспекі. І просяць перадаць ваш код уваходу, воблачны пароль ці пацвердзіць староннюю аўтарызацыю. Каб пераканаць карыстальніка, могуць запалохваць і падганяць: казаць, што «выяўлены падазроны ўваход» ці што «акаўнт будзе заблакаваны».
Калі махляры змогуць падабраць пароль, ім трэба будзе атрымаць код, адпраўлены мэсэнджарам. Яго могуць выманіць падманным шляхам (напрыклад, папрасіць прагаласаваць за дзіця), перанесці тэлефонны нумар на іншую сім-карту або eSIM ці перахапіць сам код (напрыклад, атрымаць доступ да змесціва апавяшчэнняў на вашым тэлефоне).
Ёсць спосабы ўзлому, пры якіх ад карыстальніка наогул не патрабуецца ніякіх дзеянняў, звязаных з перадачай кода. Напрыклад, калі вы спампуеце заражаную праграму на камп’ютар, шкоднаснае ПЗ можа ў тым ліку атрымаць звесткі для ўваходу ў аплікацыю. Такім самым чынам можа «заразіцца» ваш тэлефон, калі спампаваць нешта з неправеранай крыніцы.
Нарэшце, ёсць нюанс з аднаўленнем пароля з дапамогай пошты. Калі такая функцыя ў вас уключаная і махляры атрымаюць доступ да паштовай скрыні, ёсць рызыка, што яны забяруць і доступ да профілю ў Telegram.
Не так даўно спецыялісты па кібербяспецы знайшлі сур’ёзную ўразлівасць у новай функцыі Telegram — міні-дадатках унутры паведамленняў. Паводле іх, яна дазваляла зламыснікам дыстанцыйна запускаць на прыладзе карыстальніка свой код і фактычна атрымліваць кантроль над мэсэнджарам.
Як абараніцца ад няпрошаных гасцей у сваім акаўнце
Каб абараніць свой акаўнт, па-першае, трэба рэгулярна правяраць актыўныя сесіі ў мэсэнджары. Гэта можна зрабіць у наладах з камп’ютара (Налады → Канфідэнцыйнасць → Актыўныя сеансы) ці з тэлефона (Налады → Прылады).
Пры выяўленні падазроных сесій адразу ж завяршыце іх. З меркаванняў бяспекі ў Telegram нельга завяршаць раней адкрытыя сесіі цягам 24 гадзін пасля рэгістрацыі на прыладзе. Таму, калі махляры і зойдуць, у вас ёсць суткі, каб выдаліць іх з профілю. Потым яны могуць зрабіць гэта за вас.
Па-другое, важна ніколі і нікому не перадаваць код для ўваходу ва ўліковы запіс, атрыманы з афіцыйнага бота ці СМС-паведамлення. Асабліва калі гэты код просяць для атрымання нейкага выйгрышу, галасавання і гэтак далей.
Не пераходзьце па падазроных спасылках з паведамленняў у каналах, групах, асабістых паведамленнях, не паглядзеўшы, куды яны вядуць. Не адкрывайце файлы, атрыманыя ад невядомых адпраўнікаў: яны могуць змяшчаць «вірусы».
Нарэшце, калі вы яшчэ гэтага не зрабілі, пастаўце ў Telegram двухфактарную аўтэнтыфікацыю. І не забывайце абнаўляць аплікацыю і аперацыйную сістэму тэлефона і камп’ютара (пасля актыўнага развіцця ШІ з’явілася шмат «вірусаў», якія ламаюць старыя версіі АС).






