У сакавіку 2026 года мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра стаў расіянін Дзмітрый Акімаў, які змяніў на гэтай пасадзе Вольгу Няфёдаву. Паводле інфармацыі нашых крыніц, пасля гэтага ў акторкі ўзніклі праблемы. Расказваем падрабязнасці.
Пасля прыходу ў Купалаўскі новага кіраўніка ў тэатры адбыліся тры прэм’еры:
- «Замак Альшанскі» (паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі»), які ў чэрвені паставіў запрошаны рэжысёр Дэвід Разумаў;
- «Сэрца на далоні» паводле аднайменнага рамана Івана Шамякіна, які ў кастрычніку паставіў сам Акімаў;
- «Мая першая Ева» паводле аднайменнага рамана сучаснай беларускай рускамоўнай пісьменніцы Вікторыі Кляўко, які ў лістападзе паставіў актор і рэжысёр Купалаўскага Ілья Крук, нядаўні падначалены Няфёдавай.
Ні ў адной з іх былая мастацкая кіраўніца не занятая, хоць у Купалаўскім існуе дэфіцыт кадраў.
Старонка Няфёдавай на сайце не знікла, акторка застаецца ў складзе трупы. Аднак апошняя прэм’ера з яе ўдзелам адбылася ў снежні 2025 года, калі яна яшчэ займала кіраўнічую пасаду. Апошнім часам Няфёдава вярнулася да здымак у расійскіх серыялах. У 2026-м яна папрацавала ў праектах «Выгоцкі», «Далёка да Масквы», а таксама «Партызаны». Ролі ў яе там эпізадычныя, у «Выгоцкім» яе персанажу наогул не дасталася імя, яна проста «няня».
Нагадаем, летам 2020 года большая частка трупы звольнілася з Купалаўскага на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Працу адміністрацыя змагла аднавіць толькі ў сакавіку 2021 года. За прамінулыя з таго моманту гады новае кіраўніцтва так і не змагло набраць дастатковай колькасці новых актораў (большасць беларусаў адмовілася ад такой прапановы), а таму запрасіла іх з Расіі.
Адной з нешматлікіх прадстаўніц старога складу, якія засталіся ў тэатры, стала Вольга Няфёдава. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у лютым 2021-га яна плакала, успамінаючы яго выхад з аўтаматам падчас пратэстаў 2020-га. А ў сакавіку таго ж года атрымала медаль Францыска Скарыны, у чэрвені — пасаду мастацкай кіраўніцы ў Купалаўскім, у верасні стала заслужанай артысткай Беларусі. У чэрвені 2021-га яна выступіла на адкрыцці алкагольнай крамы ў Маладзечне.
Чытайце таксама




